Авіяцыя 

Выйшаў авіяцыйны слоўнік па­-беларуску, аўтар — дзейны падпалкоўнік

Авіяцыя, тэма, беларусь

У рэдакцыю «Нашай Нівы» трапіў асобнік кнігі «Авіяцыя па­-беларуску. Слоўнік». Гэта работа падпалкоўніка баявой авіяцыі Мікалая Кавалёва, які цягам амаль двух гадоў перакладаў лётныя тэрміны з рускай і англійскай моваў на беларускую.

«У маёй сферы няма кадыфікаванай прафесійнай лексікі, — патлумачыў «Нашай Ніве» аўтар. — Апошні слоўнік выйшаў у 1999 годзе. Агульнавайскавы — у 1997 годзе. Па авіяцыі такога не было. Падчас дзяжурстваў калегі казалі мне, што калі ты так хочаш беларускую мову, то зрабі інструкцыю па палётах. Так думка і нарадзілася. Нашая мова таксама мусіць прайсці шлях, які прайшлі іншыя. Таму казаць, што ў нас лексікі няма, — гэта няслушна. Проста ніхто не займаўся яе ўнармаваннем».

У прадмове да сваёй кнігі Кавалёў таксама выказаў спадзеў, што гэты слоўнік стане базай для глыбейшых даследаванняў па гэтай і іншых тэмах.

«Прачытанне кнігі­-слоўніка дасць чытачу адказы на многія пытанні беларускай авіяцыйнай тэрміналогіі, пацвердзіць аргумент здольнасці роднай мовы абслугоўваць самыя складаныя сферы нашага грамадства і самае галоўнае — падштурхне быць стваральнікам­-творцам новых пластоў беларушчыны ў будзь­-якой сферы», — напісаў Кавалёў.

Сам слоўнік дае грунтоўныя тлумачэнні выбару таго ці іншага слова, якім падпалкоўнік прапануе замяніць аналагічны руска­ ці англамоўны тэрмін.

Мы не будзем прыводзіць вам 250 старонак прафесійнай лексікі, працытуем толькі некаторыя цікавыя развагі Кавалёва.

Так, тэрміну «аэродромное лётное поле» авіятар бачыць замену ў беларускім слове «лётнішча».

Выбар ён тлумачыць так: «Згодна з традыцыйным словаўтварэннем, у нашай мове мы павінны называць тое месца (па аналогіі з бульбішчам, грэчышчам), адкуль узлятаюць­сядаюць самалёты і адбываецца іншая авіяцыйная дзейнасць, лётнішчам», — піша аўтар і дадае, што слова аэрадром і аэрапорт варта пакінуць: калі ёсць інфраструктура — то гэта ўжо аэрадром, калі ёсць аэравакзал — гэта аэрапорт. Скажам, у дакументацыйнай фразе «памеры лётнага поля складалі 1000х150 м» карэктна будзе пісаць усё ж «памеры лётнішча».

«Бедствие» ён прапануе замяніць словам «ліха».

«Беларуская прымаўка кажа: «Сядзі ціха — не будзеш ведаць ліха», а пра досвед чалавека гаворыць фразеалагізм «зведаць фунт ліха». […] Для лётчыка ўключэнне тумблера «ліха» і перадача ў эфір — «на борце ліха» з'яўляецца першасным пунктам пры ўзнікненні асаблівых выпадкаў ў палёце. Адзначым, што англійскае SOS з'яўляецца не менш экспрэсіўным і азначае «Ратуйце нашыя душы». Такім чынам, адпаведнікам для «терплю бедствіе» будзе «на борце ліха». […]

«Боевому слаживанию» Кавалёў бачыць адпаведнік у «баявым шыхаванні», «боевому порядку» — у «баявым шыху».

А так ён піша пра «бреющий полёт»:

«Афіцыйны жарганізм паходзіць ад расійскага «брить деревья». Існуе як адмысловы (спецыяльны) тэрмін. Калі даць волю фантазіі, мы можам сказаць «скрэбсці дрэвы», які ў прыметнікавай форме прыме выгляд — скрэбены. Факты выкарыстання тэрміна маюцца ў беларускамоўных авіяцыйных дакументах: «да цэлі атакі ША ляціць «брыючым палётам» […]. На думку аўтара, «прыземны палёт» таксама можа выступаць як сінонім «скрэбенаму» палёту ў афіцыйнай літаратуры.

Прапануем таксама падборку цікавых варыянтаў перакладаў спецыяльнай лексікі:

Внешний осмотр — знадворны агляд.

Airway — паветраная траса (гасцінец).

Вышедший из строя — зведзены з ладу.

Горизонт — гарызонт, «естественный горизонт» — прыродны небасхіл, «искуственный горизонт» — штучны небасхіл.

«Господство в воздухе» — панаванне ў паветры.

«Range» — далёкасць, адлегласць, радыус (залежна ад кантэксту).

«Запирающий механизм» — замыкальны механізм.

«Звено» — звяно (як тактычная авіяцыйная адзінка), злучво (як тэхнічны тэрмін).

«Избыток тяги» — лішак цягі.

«Система тяг и качалок» — сістэма цяг і арэляў.

«Козырёк фонаря» — брылёк ліхтара (шкляна).

«Кромка крыла» — абза крыла.

«Крутящий момент и вращающийся винт» — круцільны момант і абаротны вінт.

«Пересечение границы» — перацінанне мяжы. Аўтар тут абгрунтоўвае, што ў лётным разуменні граніцу нельга перасекчы, бо яна не лінія, а плоскасць.

«Самолёт» — самалёт і лятак для «воздушного судна».

«Хлопок (аэродинамический)» — воплеск.

«Электрожгут» — электравітка.

«Обочина аэродромных покрытий» — бакавіна аэрадромнага покрыва.

І гэдак далей. Наклад слоўніка — 27 асобнікаў, якія аўтар хоча перадаць у Нацыянальную бібліятэку, навучальныя ўстановы ды іншым спецыялістам.




Присоединяйтесь к нам в Twitter, ВКонтакте, Facebook или через RSS, чтобы быть в курсе последних новостей из мира авиации.

НОВОСТИ ПО ТЕМЕ

© 2017 MSQ.BY | Про нас | Контактная информация | Правовая информация
Материалы, опубликованные на ресурсе могут иметь ограничения по возрасту 16+
Перепечатка материалов с ресурса возможна только с активной ссылкой на ресурс MSQ.BY
Используются технологии uCoz


Информация носит исключительно информационный характер и ни при каких условиях не является публичной офертой.